Якія мовы “міжнацыянальных зносінаў” могуць быць у Беларусі?

Пан Юрка Цехановіч ставіць важнае пытаньне аб магчымым статусе рускай мовы, як мовы міжнацыянальных зносінаў, які яна мела да няшчаснага рэфэрэндума 1994 году. Цытуем яго запіс:

“Мае аднадумцы часта кажуць, што беларуская мова павінна быць адзіна дзяржаўнай.
Гэта так і сумненьняў няма. Але далей выказваецца думка, што расейская мова павінна быць мовай для асабістых (міжнацыянальных) зносінаў.

І вось тут паўстае сумненьне, а хіба польскай мова, украінская ці нейкая іншая не могуць быць мовамі для асабістых (міжнацыянальных) зносінаў?

Мяркую што не трэба вылучаць расейскую мову з шэрагу іншых моў у дадзеным выпадку. Грамадзяне Беларусі маюць права карыстацца любой мовай для асабістых (міжнацыянальных) зносінаў і гэта не павінна рэгламентавацца на карысьць нейкай адной мовы.”

Пытаньне ставіцца правільна. Гістарычна, людзі нашага Краю ня былі зьвязаныя толькі з расейскай мовай, якая дамінуе апошнія 150 год (ад здушэньня Студзеньскага Паўстаньня – 1863 г.), але і з іншымі моўнымі абшарамі. Да этапу дамінацыі расейскай мовы быў этап дамінацыі мовы польскай. Таксама на нашых абшарах яшчэ захаваліся выспы, дзе ўжываецца летувіская або ўкраінская мова, ці дыялекты зьбліжаныя да яе. Нажаль некалі магутны абшар ужытку жыдоўскай мовы незваротна зьнішчаны.

Зыходзячы з гэтага варта было б утварыць статус лякальных моваў, альбо моваў міжнацыянальных зносінаў для расейскай, польскай, украінскай і летувіскай моваў. Разам з дзяржаўнай беларускай мовай гэта было б праўдзівае адраджэньня нашай гістарычнай традыцыі.

Віктар Філіповіч

nationalinterestby.net