Цюркі пераходзяць на лацінку, а нам “Рускі мір” у галаве?

Нядаўна сьвет абляцела навіна – Казахстан мае намер перайсьці на лацінкавы шрыфт. Здавалася б якая нам справа да Казахстана? Да Казахстана вядома малая, але да лацінкі справа ёсьць.

Хоць лацінкавае пісьмо і не прыйшло да нас ад пачатку, тым ня меней ужо ад даўна яно выкарыстоўвалася як наша ўласнае. І ўжо напэўна ў гэтым сэнсе мае большае натуральнае права выкарыстаньня, чым у выпадку Казахстана, ці іншых цюрскіх народаў, для якіх “лацінізацыя” – гэта працяг палітыкі бальшавікоў дзеля вырваньня іх спад арабскай дамінацыі.

Першым значным помнікам лацінічнага пісьма у нашым краі ёсьць “Хроніка Быхаўца” – агульнадзяржаўны летапісны звод, помнік літоўскага (беларускага) летапісаньня 1-й паловы XVI ст., які ў канцы гэтага ж стагодзьдзя быў ізноў выдадзены ўжо лацінічнай графікай.

Летапіс Быхаўца – адзін з першых помнікаў лацінічнага пісьма канца XVII ст.

Далей лацінка выкарыстоўвалася ўжо шырэй і шырэй. Трэба таксама адзначыць, што адсутнасьць пратэсту літоўскай шляхты адносна рашэньняў Варшаўскай Канфэдэрацыі ў 1696 г., калі было прынята ў судовых дэкрэтах карыстацца польскай мовай замест “рускай”, тлумачыцца тым, што гэтыя рашэньні былі скіраваны на ўраўнаньне ў правах кароннай і літоўскай шляхты, а па другое, адсутнасьць сэнтымэнтаў да ўласнай “рускай мовы” вынікае з таго, што мова дадзеная не зьяўлялася на той момант мовай жывой, а з другога боку зьвязвала цывілізацыйна ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай.

Сувязь з Польшчай паўплывала на кшталт нашай першаснай лацінкі, хаця польскае пісьмо таксама не ўтварылася самастойна, а прыняло пэўныя рашэньні з нямецкай пісьмовай мовы. Гэты ж кшталт лацінкі стаў асноўным у пэрыяд Паўстаньня 1863 г. і беларускага адраджэньня ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. У такой графіцы друкавалася “Мужыцкая праўда”, так пісаў Ф.Багушэвіч і выдаваліся малітоўнікі ў нашай мове, так пісала Наша Ніва і віленскі часопіс “Гоман”, на першым этапе свайго існаваньня.

Палітычнае выданьне 1863 г. “Мужыцкая праўда” – аўтар Яська Гаспадар спад Вільні (В.К. Каліноўскі)

Часопіс “Гоман” пэрыяду нямецкай улады ў Вільні ў Вялікую вайну (1916-1918)

Першае выданьне твору Ф.Багушэвіча “Дудка беларуская”

У пэрыяд Вялікай Вайны 1914-1918 беларускія адраджэнцы зажадалі рэфармаваць лацінічны правапіс, увёўшы паводле чэскага прыкладу асобныя літары для гукаў “ч” і “ш”. У выніку ўзьнікла два варыянта лацінічнага пісьма: даўнейшы і ноўшы, які часам няслушна называюць “клясычным”, зьвязваючы з “клясычным” правапісам Б.Тарашкевіча.

На маю думку варта трымацца пісьма Хронікі Быхаўца, Каліноўскага і Багушэвіча, бо гэта неперапыннасьць традыцыі, якая зьвязвае нас з ВКЛ. Ёсьць і практычны аспэкт. Вядома, што ў Беларусі ёсьць даволі значная частка людзей, якая ўжо карыстаецца лацінкай, чытаючы па польску. Такіх, хаця б паводле перапісу 2009 г. – каля 300 тыс. чалавек. Варта арыентавацца на гэтую групу ўжо падрыхтаваных чытачоў і заставацца пры нашым традыцыйным напісаньні.

Tamu karystajmasia naszaj łacinkaj i zastawajmasia dalej ad “ruskaha świetu”!

Wiktar Filipowicz

Ilustracyi: W.Korybut-Daszkiewicz

nationalinterestby.net

 

One thought on “Цюркі пераходзяць на лацінку, а нам “Рускі мір” у галаве?

  1. Pingback: "Азыяцкі" Назарбай за лацінку, а "эўрапэйскі" Лукашэнка? - Nacyjanalny Intares

Comments are closed