Літоўская Рэспубліка сьвяткуе Дзень Незалежнасьці: як усё было 100 год таму?

У адрозьненьні ад беларускага адраджэнскага руху, літоўскі выявіў сваю сілу раней за беларускі, практычна адразу пасьля Паўстаньня 1863 году. Значную ролю ў гэтым адыгралі прадстаўнікі “новай інтэлігэнцыі з сялян”, якія набылі вышэйшую адукацыю ў Пецярбурзе і Маскве.

Таксама і прадстаўнікі шляхты і каталіцкага клеру ў Жмудзі (паўночна-заходняя частка сёньняшняй Літоўскай Рэспублікі) адзначаліся меншай ступеньню палянізаванасьці і большай прыхільнасьцю да новых нацыянальных пастулятаў.

Агульна і Расейская Імпэрыя была зацікаўлена ў тым, каб перасварыць паміж сабой этнічныя групы былой Рэчы Паспалітай, таму спрыяла палітыцы адпольшчаньня Касьцёла і правакавала спрэчкі на этнічнай глебе.

Розьніца ў падыходах чыноўнікаў Расейскай Імпэрыі да Жамойтаў, балтамоўных Літвінаў, славянмоўных Літвінаў і тых, што лічылі сябе Беларусамі была такая, што ўсе балтамоўныя, незалежна ад веравызнаньня рускімі лічыцца не маглі, а таму трэба было падтрымліваць іх нацыянальную культуру ў піку польскай культуры.

Усе славянамоўныя праваслаўныя, а такіх была пераважная большасьць Беларусаў, залічаліся ў Расейцы з этнаграфічнымі асаблівасьцямі. Іх уласная культура і мова не былі вартыя падтрымкі, бо неабходна было імкнуцца да большага зьліцьця іх з вялікарускім этнасам. Славянамоўныя Літвіны збольшага польскамоўныя, каталікі залічаліся “аўтаматам” у Палякі, таму таксама не карысталіся падтрымкай расейскай дзяржавы.

У дадзенай сытуацыі балтамоўныя Літвіны атрымалі вельмі добрыя зыходныя ўмовы для разьвіцьця свайго руху, у чым мелі скрытае спрыяньне Расейскай Імпэрыі, якая спадзявалася на ўзбуджэньне канфлікту паміж Новалітвінамі і Палякамі.

Нягледзячы на фармальныя абмежаваньні і нават рэпрэсіі адносна “кніганошаў” – тых, хто прыносіў нелегальна кнігі на літоўскай мове праз мяжу з Усходняй Прусіі, новалітоўскі рух рос у сіле і ўжо да 1900 г. у паўночнай Літве дзейнічала больш за 300 патаемных школаў, а 54% жыхароў гэтага рэгіёну былі пісьменнымі, што было трэцім паказчыкам па ўсёй Расеі.

Клясычны новалітоўскі кніганоша Вінцас Юшка

У канцы ХІХ ст. узьнікаюць першыя газэты і палітычныя партыі, таксама як і ў паўднёвай частцы “Паўночна-Заходняга Краю” сацыялістычнага кірунку. Апошняе дэ-факта было таксама на руку Расейскай Імпэрыі, бо да канфлікту этнічнага, дадаваўся і канфлікт сацыяльны з “польскім панам”.

Праграма Першага Зьезду Літоўцаў

Нарэшце на хвалі “Першай Рускай Рэвалюцыі” у Вільні адбыўся Першы Зьезд Літоўцаў у Вільні (4-5 сьнежня 1905 г. – Грэг.-“новы” кал.). Мэтай Зьезду было выпрацаваць агульнапалітычную пазыцыю ўсіх Новалітвінаў. Гэтая пазыцыя была сфармулявана яшчэ арганізацыйным камітэтам і ў лістападзе 1905 г. перададзена графу С.Ю.Вітэ, прэм’ер-міністру Расейскай Імпэрыі, з асноўным патрабаваньне аўтаноміі Літвы.

Цікава, што на гэтым этапе новалітоўскія адраджэнцы не маглі цалкам перайсьці на этнічна-нацыянальныя рэйкі і сьцьвярджалі, напрыклад, што ўважаюць Беларусаў за славянізаваных Літоўцаў, у прэамбуле і пункце 1:

Литовский народ – народ прото-арийский, сохранивший до сих пор в древнейшей форме свой арийский язык, населяет страну, которая и теперь, под именем Литвы, составляет его территорию. Современною наукою установлено, что, до пришествия литовцев в этот край здесь не обитало никакое другое племя, что сами литовцы культивировали эту страну и, что позже появившіеся с востока и юга славяне и немцы с запада, нашли уже литовския племена: ятвяги (гетвеники) и пруссы в продолжительной и ожесточенной борьбе с ними, погибли; под влиянием славян часть населения восточной Литвы отчасти обратилось в так называемых белоруссов. 

1) Литовцы, признавая, что обитаемая ими территория, с исторических времен, обнимает так называемые литовския губернии Северо-Западного края: Виленскую, Ковенскую, Гродненскую, часть Курляндской и причисленную со времен Венского конгресса к Царству Польскому Сувалкскую губернию, считают их в этнографическом отношении литовскими, живущих в этих губерниях между литовцами поляков, евреев, русских и других пришельцами позднейших времен, а белоруссов – славянизированными литовцами и поныне живущими в селах с литовскими названиями и литовской архитектурой.

Да пачатку Вялікай Вайны 1914-1918 новалітоўскі рух ужо быў дастаткова добра аформленым, з яснымі палітычнымі пэрспэктывамі, адзіным нявырашаным пытаньнем у якіх былі адносіны з Беларусамі.

Нібы з-за інэрцыі новалітоўскія дзеячы нейкі час былі гатовыя падтрымліваць ідэю адраджэньня Вялікага Княства Літоўскага, але ўрэшце, таксама дзякуючы нямецкай падтрымцы, вырашылі ісьці асобна. Прычынай гэтаму была цывілізацыйная неакрэсьленасьць Беларусаў паміж сымпатыямі да Расеі ці Польшчы, а паколькі да абедзьвюх Новалітвіны больш ці менш варожа: тады больш варожа да Палякаў, то хаўрус з Беларусамі выдаваўся быць хібны.

Балцка-этнічны грунт для адраджэньня здаваўся быць больш трывалым, што адзначалі і нямецкія чыньнікі. Да 1917 году ў межах Обэр-Осту (нямецкай акупацыйнай адміністрацыі) высьпелі ўмовы для абвяшчэньня новалітоўскай незалежнасьці.

У верасьні 1917 году адбылася “Першая Літоўская Канфэрэнцыя” (яшчэ адна “першая”) і была утворана “Літоўская Краёвая Рада” (Taryba). Нямецкія ўлады не прапанавалі новалітоўскім дзеячам узяць удзел у перамовах у Берасьці-Літоўскім і ў выніку Тарыба палічыла за лепшае “абвесьціць незалежнасьць” 16 лютага 1918 г.

Літоўская Тарыба (Рада) З лева ўправа, стаяць: Kazimieras Bizauskas, Jonas Vailokaitis, Donatas Malinauskas, kun. Vladas Mironas, Mykolas Biržiška, kun. Alfonsas Petrulis, Saliamonas Banaitis, Petras Klimas, Aleksandras Stulginskis, Jokūbas Šernas, and Pranas Dovydaitis. Сядзяць: Jonas Vileišis, Dr. Jurgis Šaulys, kun. Justinas Staugaitis, Stanislovas Narutavičius, Dr. Jonas Basanavičius, Antanas Smetona, kan. Kazimieras Steponas Šaulys, Steponas Kairys, and Jonas Smilgevičius.

Улады Кайзэраўскай Нямеччыны забаранілі публікацыю Акту Незалежнасьці, але дазволілі Тарыбе працаваць далей, спадзеючыся выкарыстаць гэты факт пры нагодзе. Улетку 1918 г., баючыся верагоднага наступу большэвікоў, Тарыба вырашыла пагадзіцца прадпрыняць крокі па сьцісьлейшаму саюзу з Нямеччынай, дзеля чаго абвесьціла ўтварэньне манархіі – Каралеўства Літва, з каралём Міндоўгам ІІ, на чале – Яго Сьветласьцю Вільгэльмам Карлам фон Урахам, прадстаўніком Каралеўскага Дому Вюртэмбэрга.

Прынц Вільгэльм ІІ фон Урах – Кароль Літвы Міндоўг ІІ

Прынц Вільгэльм прапанову прыняў, але ўступіць на трон не пасьпеў, бо Нямеччына прайграла вайну, а Тарыба вярнулася да рэспубліканскай формы кіраваньня і першаснаму Акту Незалежнасьці, 100-годзьдзе якога сьвяткуецца сёньня.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net