Прах княгіні Магдалены Радзівіл вярнуўся ў Менск-Літоўскі: “Лічу сябе беларускай літоўскага паходжаньня” – казала яна пра сябе

Сёньня ў Менску-Літоўскім у касьцеле Сьвятой Тройцы на Залатой Горцы быў перапахаваны прах княгіні Марыі Магдалены Радзівіл з Завішаў-Кежгайлаў.

Перанос урны з прахам адбыўся дзякуючы заангажаваньню бізнэсоўца пана Аляксандра Сапегі (Швайцарыя), пана Глеба Лабадзенкі, сем’ям кнкн. Радзівілаў і гргр. Замойскіх (праўнукаў княгіні).

Пасьля перапахаваньня слова было дадзена гр. Адаму Замойскаму, які каротка ахарактарызаваў сьв.памяці Марыю Магдалену, як асобу, “якая ў той час, больш чым іншыя адчувала патрэбу быць бліжэй да простага люду, бліжэй адчуваць яго жыцьцё і праблемы”.

кнкн. Мацей і Мікалай Радзівілы, Адам Замойскі

Князь Мацей Радзвіл сьцьвердзіў, што сьв. памяці Магдалена Радзівіл рэалізоўвала ў практыцы ідэалы Вялікага Княства Літоўскага, лучачы любоў да культуры мясцовага люду з традыцыяй Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта таму і называла яна сябе “беларускай літоўскага паходжаньня”.

Былі прысутныя і прадстаўнікі Амбасады Польшчы (часовы павераны пан Міхал Хабрас), якія не ўзгадваючы на часам выразныя антыпольскія акцэнты ў дзейнасьці сьв. памяці Марыі Магдалены, адзначалі яе адданасьць той ідэі, якую вызнавала.

Айцец Лявон Акаловіч, БАПЦ

Напрыканцы да моўніцы самачынна выйшаў сьвятар некананічнай Беларускай Праваслаўнай Аўтакэфальнай Царквы а.Лявон Акаловіч, шляхэцкага роду і сказаў колькі важных словаў, адзначыўшы паміж іншым:

Трэба перастаць прадстаўляць нашу нацыянальную ідэю, як напоўненую толькі простай культурай. Прадстаўнікі беларускай-літвінскай арыстакратыі зрабілі вельмі шмат, яны працягнулі традыцыю Вялікага Княства Літоўскага да сёньня, дзейнічалі ва ўсіх землях гэтага княства.

Далей падаем урыўкі з біяграфічнага артыкула Міколы Багадзяжа, які набліжае да нас постаць сьвятой памяці Марыі Магдалены:

Нарадзілася Марыя Магдалена 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. Дзяцінства яе прайшло ў родавых маёнтках Жарноўцы і Кухцічы ў Ігуменскім павеце. Бацька дзяўчынкі, граф Завіша-Кіжгайла, які паходзіў са старадаўняга беларускага роду, вызначаўся патрыятызмам.

А вось маці Марыі Магдалены, графіня Марыя Квілецкая, была тыповай полькай. Вызначалася касмапалітызмам, які выражаўся ў захапленні ўсім французскім і ангельскім. Яна дабівалася, каб выхаванне дачок было даверана ангельскім і французскім гувернанткам. Тыя прывілі падапечным цікавасць да французскай літаратуры і культуры, бездакорныя свецкія манеры.

Адначасова з гэтым выхаванне ў сям’і Завіша-Кіжгайлаў было надзвычай рэлігійным. Дзяўчынкі выраслі шчырамі каталічкамі. Нягледзячы на ўсё гэта, пачуццё любові да роднай зямлі, пасеянае бацькамі, захавалася ў душу Марыі Магдалены і пазней дало вялікі плён.

У 1881 годзе Марыя Магдалена ўзяла шлюб з закаханым у яе 49-гадовым графам Людвікам Красінскім. Яе муж быў неардынарнай асобай, меў славу ўзорнага гаспадара. У сваіх уладаннях ён пабудаваў і абсталяваў самай новай тагачаснай тэхнікай цукроўні, цагельні, млыны, правёў да іх вузкакалейную чыгунку. Найбольшую ж вядомасць набыў дзякуючы свайму захапленню конегадоўляй.

Вельмі хутка пасля вяселля Марыя Магдалена парадавала мужа. У іх з’явілася дачка, якую назвалі Людвікай. У наступным годзе шчаслівая маці даведалася аб смерці свайго бацькі – графа Завішы-Кіжгайлы. У спадчыну ад яго яна атрымала маёнткі Жарнаўцы і Кухцічы, дзе прайшло яе дзяцінства, і некалькі маёнткаў у Вялікапольшчы. Кіраўніцтва імі яна даручыла свайму мужу. Ён з радасцю ўзяў на свае плечы і гэты цяжар. Кіраваў імі з такім жа поспехам, як і сваімі. Але ў сакавіку 1895 года ён памёр.

Аўдавелая Марыя Магдалена, дзякуючы спадчыне, якая засталася ёй ад бацькі і мужа, стала адной з найбагацейшых землеўладальніц краю. Зразумела, што да яе амаль адразу пачалі заляцацца з прапановамі рукі і сэрца. Але яна не спяшалася зрабіць выбар, бо разумела, што прэтэндэнтаў цікавіць не столькі яна сама, колькі яе багацце. Таму ўсе яны атрымалі адмову.

Пасля смерці бацькі і мужа ў Марыі Магдалены, якая заўжды вызначалася набожнасцю, яшчэ больш узмацнілася гэтая рыса характару. Яна вырашыла ахвяраваць частку свайго багацця на філантрапічную дзейнасць і фундатарства. Асаблівую ўвагу звяртала на дзяцей-сірот, шмат рабіла для паляпшэння іх становішча. Адкрыла шэраг прытулкаў для іх.

Адначасова фундавала будаўніцтва касцёла на вуліцы Манюшкі ў Варшаве, шпіталя таварыства дабрачыннасці ў Менску і прыстанішча Маўрыцыя Чарноцкага тамсама. У гэты час яна шмат падарожнічала па Эўропе. Наведала Італію, Францыю, Ангельшчыну. Падчас вандроўкі па «туманным Альбіёне» пазнаёмілася з князем Мікалаем Радзівілам.

Новы знаёмы прывабіў яе незвычайнасцю свайго характару і жыцця. Гэта быў сапраўдны авантурыст у лепшым сэнсе гэтага слова. Пры знаёмстве з яго біяграфіяй узнікае ўражанне, што яму варта было б нарадзіцца на некалькі стагоддзяў раней. З яго мог бы атрымацца славуты першаадкрывальнік або заваёўнік заморскіх краін. Князь Радзівіл шмат падарожнічаў, пабачыў свет, прыняў удзел амаль ва ўсіх войнах свайго часу.

Ён змагаўся на Балканах, удзельнічаў у англа-бурскай вайне. Прычым, у адрозненне ад шэрагу сваіх суайчыннікаў, якія ваявалі на баку нашчадкаў галандскіх каланістаў – бураў, Мікалай дапамагаў ангельцам у іх заваёўніцкай дзейнасці. У якасці добраахвотніка ён таксама прымаў удзел у расейска-японскай вайне. Вызначыўся ў баях з японцамі сваёй мужнасцю, кемлівасцю і дзёрзкасцю. Атрымаў некалькі ўзнагарод.

У хуткім часе Марыя Магдалена атрымала ад яго прапанову пабрацца шлюбам. Вянчанне адбылося 30 красавіка 1906 года ў Лондане, у каралеўскай Баварскай капліцы.

Польскі «свет» успрыняў гэты шлюб, як кажуць, у штыхі. Нягледзячы на тое, што князь Радзівіл знаходзіўся ў сваяцкіх адносінах з многімі знатнымі мясцовымі родамі, вышэйшае грамадства яго не прыняло. Яно не магло дараваць Радзівілу ягоны авантурызм і эксцэнтрычнасць. Аднак князь да таго ж славіўся як «хлапаман» і русафіл. Яму быў аб’яўлены байкот.

Марыя Магдалена разам з мужам вырашаюць парваць з польскім грамадствам. Яна нават пазбягала размаўляць на польскай мове. Для размоў у сяброўскім коле ўсё жыццё выбірала альбо беларускую, альбо французскую мову. Больш таго, у 1912 годзе на старонках газеты «Мінскае рускае слова» абвясціла: «Лічу сябе беларускай, паходжання літоўскага. Як і муж мой, за польку сябе не лічу».

Маладажоны пакінулі Варшаву. Пасяліліся ў Кухцічах у сядзібе, пабудаванай яшчэ прадзедам Марыі Магдалены. Мікалаю Радзівілу гэтыя мясціны вельмі спадабаліся. Ён наогул любіў прастату, натуральнасць. Апранаўся вельмі сціпла. Нечакана захапіўся збіраннем фальклору. Вандраваў па наваколлях, запісваў народныя песні, паданні, рабіў апісанні абрадаў.

Разам з ім Марыя Магдалена пачала дзейнасць па падтрымцы пачынанняў беларускіх палітычных колаў розных напрамкаў. Прыкладала шмат намаганняў для падрыхтоўкі нацыянальных кадраў. У сваіх вёсках Кухцічы, Каменка і Ўзда адчыніла беларускія школы, фінансавала іх. Там жа ўтварыла таварыствы цвярозасці.

Аказала грашовую дапамогу судэнтам Віленскага і іншых універсітэтаў. Устанавіла для іх некалькі стыпендый. Дапамагала бібліятэцы беларускага гуртка пры Духоўнай Акадэміі ў Пецярбургу. Падтрымлівала матэрыяльна беларускіх каталікоў. Аказала фінансавую дапамогу для будаўніцтва трох аднапавярховых будынкаў інтэрната семінарыстаў у Вільні. Падтрымала намаганні ксяндза Ф.Абрантовіча па ўтварэнні беларускага грэка-каталіцкага калегіума ў Рыме.

Аднак галоўнае, чым вызначылася дзейнасць Марыі Магдалены ў гэты час, – гэта падтрымка першых перыядычных беларускіх выданняў. Яна апекавала выдавецтва «Загляне сонца ў наша ваконца» ў Пецярбургу, Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні, «Нашу ніву», каталіцкі клерыкальны часопіс «Bielarus», які выходзіў на лацінцы, іншыя выданні. Аказвала ўсебаковую дапамогу творчай моладзі. За яе грошы былі надрукаваны першыя кнігі Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло і іншых пачаткоўцаў.

Падтрымлівала Марыя Магдалена і новалітоўскіх каталікоў. У 1912 годзе для іх у Лондане быў пабудаваны касцёл. Праўда, з умовай – «каб ім не карысталіся палякі».

Муж не толькі не перашкаджаў ёй займацца ўсёй гэтай дзейнасцю – наадварот, аказваў усялякую падтрымку. У сям’і панавалі каханне, мір і ўзаемаразуменне. Усё змяніла першая сусветная вайна. З першых яе дзён князь Радзівіл уступіў у армію Расеі. 30 лістапада 1914 года ён загінуў ва Ўсходняй Прусіі.

Марыя Магдалена глыбока смуткавала. Жыла то ў сваіх беларускіх маёнтках, то ў Менску, дзе па вуліцы Захар’еўскай мела ўласны дом. У год смерці мужа аказала грашовую дапамогу летувіскай гімназіі ў Марыямпалі. Яшчэ больш зблізілася з беларускімі палітычнымі дзеячамі.

Яе дом у Менску і палац у Кухцічах з 1915 года па 1918 былі месцамі сустрэч Рамана Скірмунта, Вацлава Іваноўскага, Аляксандра Ўласава, Івана і Антона Луцкевічаў. Марыя Магдалена падтрымлівала іх усіх маральна і матэрыяльна. У 1915 годзе яна стала ганаровым сябрам Цэнтральнага камітэта Літвы па справе дапамогі інвалідам вайны.

У 1917 годзе выехала ў Маскву. Аднак праз некалькі месяцаў вярнулася назад у Менск. У наступным годзе абвясціла сябе грамадзянкай Беларускай Народнай Рэспублікі. У канцы гэтага ж года, перад самым прыходам Чырвонай Арміі, выехала ў Варшаву. Там працягвала займацца палітычнай дзейнасцю.

У сваім палацы ўтварыла салон, у якім, акрамя беларускіх дзеячаў, неаднойчы бывалі прадстаўнік Летувы ў Польшчы Ю.Шаўліс, біскуп Эдуард О’Роўрк, гурт палякаў-землеўладальнікаў на чале з Раманам Скірмунтам і Эдвардам Вайніловічам. У гэты час Марыя Магдалена выношвала ідэю выпрацоўкі канцэпцыі, якая магла б прывесці да ўтварэння вуніі паміж беларускімі і польскімі землямі. 

У 1922 годзе Марыя Магдалена перабралася ў Летуву. Пасялілася ў Коўна. Новалітоўскі ўрад у знак удзячнасці за дабрачынную і фундатарскую дзейнасць узнагародзіў нашу зямлячку ордэнам «Вялікі крыж Гедзіміна».

У Коўне Марыя Магдалена зноў зблізілася з шэрагам дзеячаў былой Беларускай Народнай Рэспублікі. Прычым разыходзілася з часткай з іх па пытанні аб тым, з кім аб’ядноўвацца. Стаяла за еднасць з Расеяй – нават савецкай. І рэзка выступала супраць збліжэння з Польшчай.

Пазней яна пераехала ў Германію. Вельмі крыўдзілася, калі прадстаўнікі мясцовай арыстакратыі называлі яе полькай або расейкай. Падкрэслівала, што яна – беларуска. Дабрачыннай дзейнасці ўвесь гэты час не перапыняла. Рэгулярна дасылала грошы беларускім студэнтам і арганізацыям у Вільні. Сярод мясцовых арыстакратаў заслужыла славу дзівачкі.

У 1932 годзе яна перабралася ў Швайцарыю. Вырашыла пакінуць свет і пайсці ў манастыр. Спыніла свой выбар на кляштары дамініканак з горада Фрыбург, вядомым жорсткасцю свайго ўставу. Аднак і за мурамі кляштара не перастала займацца дабрачыннасцю. Працягвала фінансаваць беларускія арганізацыі, якія знаходзіліся ў Польшчы.

Марыя Магдалена памерла. Аднак засталіся кнігі, што былі выдадзены на яе грошы, касцёлы, фундаваныя ёю, нашы землякі, якія з яе дапамогай змаглі атрымаць адукацыю і прысвяціць сябе справе служэння роднай зямлі. Засталася памяць.

nationalinterestby.net