ITAEXIT? Памылковая палітыка брусэльскіх элітаў давядзе да гэтага, калі ня будуць зроблены высновы

Так прыемна прачнуцца раніцай і даведацца з эўранавінаў, што ў чарговай эўрапейскай краіне (на гэты раз у Італіі) на чарговых выбараў левыя зноў пацярпелі сакрушальную паразу – піша Віталь Цыганкоў.

Радуе, бо я ўспрымаю гэты працэс як вяртаньне Эўропы да сваіх эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Перш за ўсё, да той простай жыцьцёвай ісьціны, што “каб нешта мець — трэба гэта зарабіць, заслужыць”.Бо што робяць левыя ва ўсіх краінах? Павялічваюць падаткі і бюджэт, (“распорядители чужого”, як кажа Раманчук), забіраюць у працавітых і пасьпяховых і раздаюць гультаям і тым, “каму не пашанцавала” – каб яны ня моцна абураліся “жахамі капіталізму”. І еўрапейскія выбарнікі бурчэлі, але ў цэлым прымалі гэта, бо, сапраўды, патрэбна сацыяльная абарона, салідарнасьць, дапамога слабым — тое, што і робіць грамадзтва зьяднаным.

А тут здарыўся мігранцкі крызіс. І эўрапейцы пабачылі, што іхнія грошы цяпер ідуць ужо не на сваіх слабых і абяздоленых, а на чужых. Проста таму, што людзям зьверху “так захацелася”. Як паведаміў падчас выбарчай кампаніі цяперашні малады канцлер Аўстрыі Курц, у Вене 50 (!!!) працэнтаў сацыяльнай дапамогі ідзе не грамадзянам Аўстрыі.

Хіба гэта нармальна? – пытаецца эўрапейскі абывацель. “Усё ж мы жывем у сьвеце нацыянальных дзяржаваў, а яны створаныя, каб клапаціцца найперш пра ўласных грамадзянаў. Мы ж ня можам прыняць усе тыя сотні мільёнаў, якія хацелі б жыць у Эўропе – гэта будзе хаас і развал усяго”. А ў адказ на гэта прэса і палітыкі яму кажуць – ты ксенафоб і расіст, і ўвогуле такія думкі – гэта hate speech, і іх трэба забараніць. Абывацель пакрыўджана замаўкае і думае сабе – “ладна, я скажу сваё слова на выбарах”.

І гаворыць. І левыя ў Эўропе будуць і надалей прайграваць, пакуль занава не асэнсуюць свой парадак дня, адаптаваўшы абстрактныя прынцыпы да канкрэтных праблемаў сваіх краінаў.

nationalinterestby.net