Праўда пра 8 сакавіка – няма “добрых” камуністычных сьвятаў

Беларускія, рускія і іншыя рускамоўныя масы сьвяткуюць так званы “Жэнскі дзень”. Традыцыя была ўсталявана ў Савецкай Расеі ў 1921 годзе рашэньнем ІІ-й Камуністычнай жаночай канфэрэнцыі.

Падставай служылі розныя падзеі і вэрсіі: ад мітынгу новаёрскай Сацыял-дэмакратычнай жаночай арганізацыі ў 1908 г. да  пэтраградзкай дэманстрацыі 1917 г. і ўдзеле жанчын у ёй. Некаторыя зьвязваюць традыцыю “8 сакавіка” з рымскімі матроналіямі альбо жыдоўскім сьвятам Пурым, якія адбываліся ў блізкія даты.

Але сутнасьць не ў паходжаньні, пры жаданьні яго ня цяжка знайсьці, лепш пагаварыць аб палітычнай і жыцьцёвай сутнасьці.

Сёньня “Жаночы дзень” перад усім ёсьць выразам любові і пашаны мужчын да жанчын. Але ці абгрунтаваная такая пашана і любоў усіх мужчын да ўсіх жанчын. Вядома не. У хрысьціянскім ідэале, якому сёньняшнія постсавецкія грамадзтвы ані троху не адпавядаюць, мужчына павінен абдарыць любоўю адзіную жанчыну на сьвеце (да сьмерці).

Пашана вядома належыць усім, але і тут трэба правесьці адрозьненьне, што жанчыне-маці і сужонцы належыць большая пашана, чым жанчыне, якая не здабылася на такую ахвяру. Не датычна гэта выпадкаў, калі бяздзетнасьць абумоўлена фізычнай няздольнасьцю, гутарка ідзе пра нармальную сытуацыю для здаровых людзей.

“Жаночы дзень” гэта таксама і палітычны інструмэнт лібэральных, левых і камуністычных арганізацый, якія прасоўваюць так званае “свабоднае каханьне”. Фактычна сёньня калі сям’я ў постсавецкіх грамадзтвах знаходзіцца ў напаўразбураным стане (“на мінутачку” у Беларусі 2/3 разводаў ад шлюбаў), “Жаночны дзень” становіцца эрзац-сьвятам – напаўпаганскім сьвятам “свабоднага каханьня”.

Вядома пашана да жанчыны-маці – захавальніцы сямейнага “хатняга вогнішча” павінна быць як найвышэйшая і дзеля гэтага ў некаторых больш хрысьціянскіх за Беларусь краінах, не сьвяткуюць “Жэнскі дзень”, але Дзень Маці і Дзень Бабулі.

Вялікая роля і большая адказнасьць за жанчын, ў зьмене посткамуністычнай абалонкі і зьместу нашых сьвятаў, спачывае на нашых панах-мужчынах. Калі яны насамрэч паны з Божай ласкі, а не халопы свайго лёсу, то і павінны тут праявіць характар і не паддавацца на постсавецкую прапаганду. Але хіба да гэтага яшчэ далёкі шлях.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net