Усё мне можна, але ці ўсё карысна? – сьв. Павал Апостал – да ўдзелу У.Някляева і М.Статкевіча ў Маршы “Літва для літоўцаў”

Як паведаміла Радыё Свабода, прадстаўнікі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ўзялі ўдзел у сьвяткаваньнях Дня Аднаўленьня Незалежнасьці Літвы 11 сакавіка 2018 г., і маршы, арганізаваным літоўскімі “Таўцініннікамі” – нацыянальна-арыентаваным палітычным рухам.

Большасьць лібэральных аглядальнікаў закідваюць лідэрам БНК удзел у акцыі, якая непаліткарэктная, што там, маўляў удзельнічалі “нэанацысты” з нямецкай Нацыянал-Дэмакратычнай Партыі, альбо “бандэраўцы” з украінскай Партыі “Свабода”.

Не атаесамляючы сябе з палітычнай праграмай згаданых арганізацый, трэба сказаць, што такая крытыка лібэральнага эстэблішмэнту, які імкліва губляе ўплывы ў Эўропе, была прадказальная і вялікага ўражаньня на мяне ня робіць.

Іншая рэч, ці дзеяньні прадстаўнікоў БНК нясуць карысьць нашаму Краю, ці набліжаюць яны нас да большай прысутнасьці ў традыцыйнай, старой Эўропе, ці служаць яны паразуменьню і ўмацаваньню моцных рэгіянальных сувязяў на тэрыторыі былога ВКЛ і ці не носяць правакацыйнага характару? Вось пра што варта пагаварыць сур’ёзна.

“Усё мне можна, але ня ўсё карысна” – казаў сьвяты Апостал Павал. Вядома прадстаўнікі БНК мелі поўнае права ўзяць удзел у легальнай акцыі ў Вільні і прамовіць там. Іншая справа, як гэта можа адбіцца на палітычнай сытуацыі ў нашым Краі.

Ідзе нават не пра лёс БНК, які мне, па шчырасьці, абыякавы, і які паказвае болей і болей прыкметаў маргіналізацыі, аматарства і тэатральшчыны. Што сьвет даведаецца пра удзел “лідэраў беларускай апазыцыі” у дадзеным мерапрыемстве?

Здагадацца ня цяжка, паведамленьні будуць у стылі: “Лідары беларускай апазыцыі маршыравалі разам з нэанацыстамі”, “Беларускія, літоўскія і нямецкія нэанацысты – разам супраць аб’яднанай Эўропы”, “Някляеў і Статкевіч выступалі разам з бандэраўцамі і нэанацыстамі”.

Цяпер пытаньне да нашых “гэрояў”: цяжка было прадугледзіць такія наступствы? Калі цяжка, то трэба сьцьвердзіць палітычную непісьменнасьць. Каля ня цяжка, тады каму вы служыце?

Шуфлядкаваньне кансэрватыўнай і нармальнай Эўропы ў нэафашыстоўскія ці нэанацысцкія шаблёны – гэта бяда сёньняшняга часу. Лібэралы і левыя павінны быць па гроб удзячныя лёсу, што на сьвеце быў Гітлер, які зганьбіў і здыскрэдытаваў паняцьці гонару, ляяльнасьці, герархіі і патрыятызму.

А лідэры БНК выступаюць тут “карыснымі ідыётамі”, якія разам са шчырымі, але такімі ж “карыснымі ідыётамі” з нямецкай НДП, украінскай Свабоды ці літоўскіх “Таўцініннікаў”, гатовыя адыгрываць сваю ролю бесаў Эўропы ў ХХІ ст. Можа варта раз зламаць сцэнар?

Цяпер аб чыста нашым краёвым аспэкце. Уладзімір Някляеў зьяўляецца аўтарам паэмы “Палянэз”, якая была напісана каля 5 год таму па беларуску, перакладзена на польскую і літоўскую мовы, у якой паэтычна апісвае лёс гістарычнай Вялікай Літвы.

Са зьместам паэмы я цалкам салідарызуюся, але якраз зьмест гэтай паэмы абсалютна не адпавядае зьместу палітычнай акцыі, у якой шаноўны паэт узяў удзел. Ізноў адзначу, што я цалкам падтрымліваю ідэю зазнаёміць жыхароў Літоўскай Рэспублікі са зьместам гэтай паэмы, але відавочна, што рабіць гэта трэба не ў атмасфэры “мітынговага шалу”, а ў спакойных акадэмічных варунках.

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net