БНР100# Наш Край патрабуе рэалістычнай палітыкі, толькі тады можна будзе здабыць масавую падтрымку – так як гэта было на 25 сакавіка

Сёньня 25 сакавіка ў 100 год Дэклярацыі Незалежнасьці БНР у Менску-Літоўскім адбылася намагутнейшая масавая акцыя ад 2010 году. Можна? Можна, калі “асьцярожна”.

Апошнія амаль 30 год палітычная культура ў Беларусі палягала толькі на канфрантацыйным сцэнары. Адразу скажу, што я не адмаўляю канфрантацыі і цьвёрдасьці ў палітыцы ўвогуле. Але адначасова адным з крытэраў “добрай палітыкі” зьяўляецца эфэктыўнасьць.

Так склалася, што ў Беларусі гэты крытэр стала выпадаў з кругагляду як палітычных назіральнікаў, так і саміх палітыкаў. Дакладней пад эфэктыўнасьцю яны часам разумелі прыцягненьне пад свае штандары большай колькасьці чаго б ні было: людзей, дэпутатаў, грошай і г.д.

У той час, як назаваныя рэсурсы зьяўляюцца толькі сродкамі, а мэтай ёсьць палітычны вынік – замацаваньне альбо зьмена нейкага стану. Сёньня мы бачым такую зьмену, якую ажыцьцявілі цьвярозыя палітыкі з Партыі БНФ і Правай кааліцыі. Менавіта дзякуючы іх дзеяньням адбыўся неабходны кантакт з прадстаўнікамі дзяржаўнай адміністрацыі, пры якім удалося пераканаць апошніх у неабходнасьці правядзеньня дазволенай акцыі.

Чаму ў Беларусі трэба змагацца за легальнасьць свабоднай палітычнай прасторы? Многія паклікаюцца на прыклад Польшчы ці Літвы, дзе людзі адваёўвалі гэтую прастору ў варожай ім дзяржавы. Але нацыя ад нацыі розьняцца і тое, што працуе ў Польшчы, неабавязкова будзе працаваць у Беларусі.

Сучасны жыхар Беларусі можа масава прыйсьці толькі на легальную акцыю і толькі такія акцыі ў бліжэйшым палітычным этапе трэба арганізоўваць. Найважнейшая задача нацыянальнага руху зараз – гэта адукацыя несьвядомых ці маласьвядомых масаў, а зрабіць гэта можна толькі ў часе масавых мерапрыемстваў.

Мітынг з больш чым 50 000 удзельнікамі пэўна мае вялікшае значэньне зараз, чым дзясятак малалікіх, але канфрантацыйных пратэстаў, якія праходзяць амаль незаўважна для сярэдніх жыхароў, якія дэ факта, незалежна ад жаданьня іх арганізатараў (якім можна толькі спачуваць), заганяюць нацыянальны рух у гэтта.

Нельга дазволіць загнаць сябе ў гэтта – гэта глупства, якое ў палітыцы мае велізарны кошт, які мы заплацілі за апошнія 20 год з надвыжкай. Толькі легальна і толькі шырока.

Са Сьвятам! Вернем БНР, а потым і ВКЛ!

Зьбігнеў Канарскі

nationalinterestby.net