У чым мае рацыю, а ў чым не Юры Зісэр?

Віталь Цыганкоў скарочана цытуе выказваньні пана Юрыя Зісэра адносна яго бачаньня нацыянальнай ідэі. Ідэі выказаны, і шануючы іх, у той жа час з імі варта палемізаваць.

Yury Zisser тлумачыць, чаму ня бачыць нічога апазыцыйнага ў сьвяткаваньні стагоддзя БНР, заяўляе, што ідэя нацыянальнай дзяржавы даўно памерла, і называе тры фундамэнтальныя каштоўнасьці сваёй кампаніі. Мы са свайго боку выкажам стаўленьне да дзьвюх.

Юры Зісэр: Будучыня краіны ня можа заключацца ў яе мінулым. Тое, што было сто гадоў таму ці нават 50 гадоў таму — мяняецца на вачах. Ідэя нацыянальнай дзяржавы памерла 50 гадоў таму, пачала паміраць яшчэ раней.

Нацыянальны інтарэс: а гэта можна адказаць, што калі-небудзь і сёньняшняя Беларусь стане гісторыяй, і нейкі ідэйны нашчадак Ю.Зісэра скажа, што “будучыня краіны ня можа заключацца ў мінулым”. Вядома неабходна знайсьці раўнавагу паміж мінулым і будучыняй. Велічнае мінулае павінна натхняць на чыны сёньня. Пытаньне толькі для каго якое мінулае было велічным? Пан Ю.Зісэр прапануе абстрагавацца ад мінулага, каб пазьбегнуць канфлікту каштоўнасьцяў. Забыць пра яго, думаючы, што ўсё само-сабой вырашыцца. Так – такая тактыка можа мець мейсца, бо тыя, хто найбольш дынамічны зараз – нацыянальна арыентаваныя сілы, не зьяўляюцца дастаткова ўплывовымі, каб ахапіць усе пласты насельніцтва і структуры ўлады. Таму можна пагадзіцца з панам Ю.Зісэрам, але толькі пры ўмове, што гэта толькі тактыка, а стратэгія прадугледжвае фармаваньне суцэльнага погляду на гісторыю.

Юры Зісэр: Тым болей у нашых умовах. У нас поліэтнічная дзяржава, у нас шмат народаў і моваў. Таму нацыянальная ідэя можа ўспрымацца толькі ў грамадзянскім сэнсе, а не ў этнічным ці моўным. Ня можа нацыянальная ідэя заключацца ў вяртаньні да нейкіх «вытокаў». Бо за сто гадоў усё зьмянілася.

Шмат народаў і моваў у нас было ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай. На вялікі жаль зьнішчэньне нашай дзяржавы і катаклізмы ХХ стагодзьдзя гэтую шматстайнасьць зьнішчылі, і зараз у нас няма шмат народаў і моваў. Нацыянальныя мяншыні  ствараюць да 15% насельніцтва і значнага ўплыву на падзеі ў Беларусі не аказваюць. Не аказваюць, пра што хітра маўчыць пан Юры Зісэр таксама праз суцэльную русіфікацыю, бо як і тытульны этнас фактычна згубілі сваю культуру і мову разам. Невыпадкова пан Зісэр выступаў на рускай мове падчас Сьвята Незалежнасьці, а не на ідыш, што было б больш лягічна, бо продкі нашага шаноўнага бізнэсмэна гэтай мовай пераважна паслугоўваліся да сярэдзіны ХХ ст. Такім чынам пан Зісэр фактычна становіцца на абарону толькі адной “мяншыні” – расейскамоўнай, якая знаходзіцца ня ў меншасьці, але ў большасьці, незалежна ад фармальнай нацыянальнай прыналежнасьці яе супольнікаў.

Ключавое пытаньне беларускай нацыянальнай сітуацыі не ў канфлікце беларускамоўнай мяншыні з астатнімі нацыянальнымі групамі ў краіне, а ў канфлікце беларускамоўнай мяншыні і верных сваім культурам прадстаўнікам нацыянальных мяншынь з расейскамоўнай большасьцю – незалежна ад нацыянальнага складу яе супольнікаў.

Адносна “сьмерці нацыянальных дзяржаў”. Так вядома, нішто на сьвеце ня вечна. Калісьці не было нацыянальных дзяржаў, якія масава існуюць у Эўропе каля аднаго стагодзьдзя. Усё калісьці пачыналася і калісьці скончыцца.

Але ёсьць нешта большае, за само сучаснае паняцьце “нацыянальнай дзяржавы” – ёсьць традыцыя самастойнасьці, якая існуе ад Полацкага Княства праз ВКЛ, праз паўстаньні ХІХ ст. да сёньняшняй Рэспублікі Беларусь і гэтая традыцыя будзе існаваць нават тады, калі можа ня быць Рэспублікі Беларусь, а будзе штоьсці іншае…

Зьбігнеў Канарскі