Як гэта было? Ці БНФ пачатку 90-х ХХ ст. “змагаўся толькі за мову”? Адказ Сяргея Навумчыка на выпады Міколы Статкевіча

ПРА АЦЭНКУ МІКАЛАЕМ СТАТКЕВІЧАМ ПАДЗЕЯЎ ПАЧАТКУ 90-х піша на фэйсбуку Сяргей Навумчык, журналіст і дэпутат апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня БССР.

Папрасілі пракамэнтаваць словы Міколы Статкевіча пра дзеяньні БНФ пачатку 90-х і спрэчку вакол сьвяткаваньня 100-годзьддзя БНР. Апошняе камэнтаваць ня буду, бо прынцыпова не камэнтую палітычную дзейнасьць цяперашняй апазыцыі, але пра пачатак 90-х скажу.

Калі каротка, сьцьвярджэньні Статкевіча не адпавядаюць гістарычным фактам.

“Падчас першых і адзіных свабодных прэзідэнцкіх выбараў людзі, якія перажывалі сацыяльны шок і назіралі рост карупцыі і маёмаснай няроўнасці, чакалі ад палітыкаў зразумелых прапаноў для развязання сваіх праблем. Замест гэтага тагачасны лідар нацыянальных сіл пачаў публічную барацьбу супраць здані даўно памерлага Леніна і незразумелую тады для большасці кампанію супраць Расеі, якая ў той час яшчэ спрабавала шукаць шляхі да свабоды і, між іншым, без умоў забяспечвала Беларусь таннымі газам і нафтай” – піша Статкевіч

Няпраўда. Менавіта БНФ першай узьняла тэму карупцыі (вступы і на сэсіі, і ў прэсе Антончыка і Гермянчука, іншых дэпутатаў Апазыцыі БНФ пра махінацыі атачэньня Кебіча, пачатак 1993). Леніну ў 1992-1994 Пазьняк прысьвяціў толькі адзін артыкул, а вось пасьля аднаўленьня ў лютым 1993 г. дзейнасьці КПБ (ПКБ) – так, і Пазьняк, і асабліва Васіль Быкаў папярэджвалі пра магчымасьць камуністычнай рэстраўрацыі (што ўрэшце і адбылося ў 1994-1995) (гл. Артыкул Быкава “Каб захаваць уладу, яны здольныя аб’яднацца хоць з самім д’яблам” (“Народная газэта, 1 верасьня 1992).

Што да разьвязваньня праблем, дык у 1990-1994 годзе Апазыцыя БНФ з удзелам экспэртаў рапрацавала ТРЫ эканамічныя канцэпцыі і два дзесяткі ЭКАНАМІЧНЫХ законаў (у т.л. Кодэкс аб зямлі, Банкаўскі кодэкс), якія былі адрынутыя пракамуністычнай большасьцю у ВС – тым ня менш, нам удалося правесьці ў законы многія палажэньні, якія забясьпечылі пераход ад сацыялістычнай эканомікі.

Няпраўда, што “Расея… без умоў забясьпечвала Беларусь танным нафтай і газам”. Адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраінай – 24 жніўня 1991 і Баларусьсю – 25 жніўня 1991, прэзыдэнт тады яшчэ РСФСР Ельцын заявіў, што “РСФСР пакідае за сабой права паставіць пытаньне аб пераглядзе межаў. Сказанае мае дачыненьне да ўсіх сумежных рэспублік, за выключэньнем трох прыбалтыйскіх” (выбачаюся за нясьціпласьць, але даводзіцца цытаваць па ўласных кнігах, так прасьцей – “Дзевяноста першы”, другое выданьне, 2016, с.392).

У далейшым пачаўся вайсковы шантаж – пра што казаў Шушкевіч у студзені 1992 (“Мы… выдатна разумеем і тое, што войска Беларусі будзе ствараць выдатнае прыкрыцьцё заходнім межам Расеі” (“Дзевяноста другі”. 2017, с 46). А 16 лістапада 1992 Ельцын заявіў, што “краінам, якія выйдуць з рублёвай зоны, давядзецца набываць расейскія энэргарэсурсы за цьвёрдую валюту па сусьветных коштах” (“Дзевяноста другі”, с. 345).

Менавіта пра гэты шантаж Расеі і казаў Пазьняк. І ня толькі ён.

Увесь 1993 год Апазыцыяй БНФ быў прысьвечаны змаганьню супраць уцягваньню Беларусі ў сыстэму калектывўнай бясьпекі СНД (АДКБ) , якая цалкам кантралявалася Генштабам РФ. Гэта, ізноў жа выбачаюся за нясьціпласьць, апісваю ў наступнай кнізе – з цытатамі са стэнаграмаў сэсіяў ВС, дзе і Кебіч, і міністры гавораць, што вымушаныя ісьці на такое падпісаньне, інакш давядзецца купляць нафту і газ у Расеі па сустветных коштах. Выразы “нафтавы шантаж”, “паліўны шантаж” у стэнаграмах сэсіі ВС сустракаюцца дзесяткі разоў. На вялікі жаль, у апошні дзень 1993 года, 31 сьнежня, старшыня ВС Шушкевіч, будучы прыціснуты да сьценкі прарасейскімі коламі ў ВС, усё ж падпісаў дакумэнт аб далучэньні Беларусі да АДКБ.

Нарэшце, Міжнародная канфэрэнцыя па пракладцы Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару, арганізаваная па ініцыятыве старшыні Апазыцыі БНФ Пазьняка і лідэра Народнага Руху Ўкраіны Чарнавіла і праведзеная ў Менску 14-15 ліпеня 1993 з удзелам адмыслоўцаў з Беларусі, Украіны, Латвіі і Літвы была выкліканая менавіта паліўным шантажом Расеі. Ну, прывяду цытату зь яшчэ не выдадзенай кнігі: “Намесьнік міністра энергетыкі Ўкраіны Буцье назваў ступень паліўна-энэргетычнай залежнасьці Ўкраіны ад Расеі – 90%.

Прычым, па ягоных словах, Украіна расплачвалася за нафту і газ па сусьветных коштах, і нават вышэйшых, паколькі якасьць энэрганосьбітаў была ніжэйшая. Іншы прадстаўнік Украіны, Жураўскі, заўважыў, што заявы кшталту “У Эўропе нас не чакаюць” выкліканыя тым, што да гэтага часу “ня зьмененая палітычная і эканамічная арыентацыя”. “Даволі ўплывовыя колы Расеі робяць усё магчымае для страты Ўкраінай незалежнасьці” – адзўначыў ён”. Заўважце, пра сусьветныя кошты гаворыць не апазыцыянэр, а намесьнік міністра. Заўважце таксама ўзровень прадстаўніцтва на канфэрэнцыі, скліканай БНФ.

Між іншым, рыхтуючы кнігу пра 1993 год, я знайшоў некалькі інтэрвію Міколы Статкевіча з ацэнкай пазыцыі Масквы – якая цалкам супадала з ацэнкамі лідэраў БНФ. І гэта была слушная ацэнка – так, магчыма, “незразумелая тады для большасці”, але ад гэтага ня менш правільная. Палітычны лідэр абавязаны весьці за сабой грамадзтва, абапіраючыся на найбольш прагрэсіўныя слаі, а не цягнуць уніз, патакаючы самым адсталым (што і рабіў Лукашэнка ў наступныя дзесяцігодзьдзі).

“… вядучая ў той час нацыянальная партыя пачала дзіўную канкурэнцыю з грамадскімі арганізацыямі за права святкаваць пераможныя гадавіны беларускай ваеннай гісторыі. Разумею, як важна для нацыянальна свядомай меншасці, тады і цяпер, хоць на некалькі гадзін апынуцца сярод вялікай колькасці аднадумцаў, у суквецці нацыянальных сцягоў. Але занятая выжываннем большасць успрымала зацыкленасць нацыянальных палітыкаў на незразумелых яму святах, як ігнараванне імі яе болю, яе праблем. Таму на прэзідэнцкіх выбарах выбрала таго, хто казаў аб галоўным для іх. Вынік таго выбару вядомыя”.

Сапраўды, БНФ адзначаў сьвяты — і 25 сакавіка, і дзень Беларускай ваайсковай славы 8 верасьня. І я ганаруся, што першы выступ з трыбуны Вярхоўнага Савета за ўсе ягоныя дванаццаць скліканьняў ў гонар 25 сакавіка – у 1992 – быў мой. Але другі выступ, 25 сакавіка 1993, у дзень 75-годзьдзя БНР, быў з вуснаў аднапартыйца Статкевіча, сябры БСДГ, нашага выдатнага паэта Анатоля Вярцінскага. Шэсьце актывістаў БЗВ 21 сакавіка 1993 у гонар 75-х угодкаў незалежнасьці БНР, ўрачыстае пасяджэньне з гэтай нагоды ў філярмоніі, дзе ў прэзыдыюме поруч былі Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч, Зянон Пазьняк, старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, сьпявак Данчык – а ў залі сотні беларускіх патрыётаў, – застаюцца нацыянальным трыюмфам.

Нагадаю таксама, што гэтыя сьвяты ладзіліся БНФ сумесна з актывістамі БЗВ, якое ўзначальваў Мікола Статкевіч, таму мне незразумела, пра якую канкурэнцыю ён кажа. Статкевіч, наколькі памятаю, ніколі не выступаў супраць удзелу прадстаўнікоў БНФ. Ды і ня мог, бо, нагадаю, ЎСЕ масавыя акцыі такога кшталту юрыдычна афармляліся як сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнага Савета (гэта гарантаваў закон аб статусе дэпутата) – у тым ліку і знакамітая прысяга ў верасьні 1992. Нагадаю, што калі Статкевіч і ягоныя аднадумцы былі звольненыя з войска, Апазыцыя БНФ У ПОЎНЫМ СКЛАДЗЕ прыняла заяву ў іх абарону, далучыўшы подпісы выбітных беларусаў (першым у сьпісе стаіць подпіс Васіля Быкава, члена Сойму БНФ). (г.л. ЛіМ, 28 траўня 1994).

Між іншым, тагачасны старшыня Вярхоўнага Савета С.С. Шушкевіч, якога Статкевіч на пасяджэньні кіраўніцтва сацыял-дэмакратычнай Грамады вясной 1994 годзе вылучыў кандыдатам у прэзыдэнты – будучы кіраўніком дзяржавы, не абараніў актывістаў БЗВ.

Таксама незразумела, чаму БНФ не павінен быў адзначаць сьвяты? Тым больш, што рабілася гэта ня так ужо і часта – 25 сакавіка, 27 ліпеня, 25 жніўня, 8 верасьня. І чаму дрэнна, што яны праходзілі пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам – між іншым, дзяржаўным Сьцягам? Пад якім сьцягам іх трэба было адзначаць? Ці – не адзначаць зусім?

nationalinterestby.net