Ці можна зрабіць так, каб “не было багатых”? – піша Віталь Цыганкоў

Пэрыядычна ў прэсе ці ў сацыяльных сетках зьяўляюцца красамоўныя лічбы пра тое, якая вялізная частка сусьветнага багацьця прыналежыць верхняму працэнту насельніцтва, які каласальны разрыў паміж даходамі існуе і, магчыма, нават павялічваецца.

Многім людзям гэта, вядома, не падабаецца. Не таму, канешне, што яны злобныя зайздросьнікі, а таму, што яны за справядлівасьць. Але ці магчыма прыбраць гэтую нясправядлівасьць?

Калі паглядзець сьпіс самых багатых, то на сёньня большасьць у гэтым сьпісе – людзі, якія стварылі свой бізнэс з нуля, дзякуючы нейкай ідэі, прадукту, механізму – Microsoft, Amazon, Facebook, Zara, Oracle, Apple, Google. Магчыма, яшчэ дзесяцігоддзі таму там былі пераважна біржавікі, банкіры (“прадаюць паветра”), нафтавікі (“багацеюць за кошт прыродных рэсурсаў, якія прыналежаць усім”), але сёньня – менавіта вынаходнікі новага.

І што вы прапануеце зрабіць, каб стваральнікі Фэйсбука альбо Эппла не былі багатымі? Калі яны стварылі прадукт, якія прадаецца па ўсім сьвеце, перамаглі канкурэнтаў, прыцягнулі найлепшыя інавацыі? Ці вось на больш простым узроўні – прыдумаў мужык парасон, які можна насіць без рук, чапляючы на галаву, і канешне, стаў мільянерам? Што трэба зрабіць, каб запанавала “сацыяльная справядлівасьць”, каб у іх усіх не было іхніх мільярдаў і мільёнаў?

Я бачу два шляхі. Першы – савецкі. Гэта калі ўсё прыналежыць дзяржаве, чалавек за сваё вынаходніцтва атрымлівае сто рублёў і грамату, а патэнцыйныя мільярды, атрыманыя ад рэалізацыі вынаходніцтва, ідуць на “агульнае дабро” (у гэтым канкрэтным выпадку — на выраб танкаў). Вынік –адсутнасьць матывацыі і тэхналагічная дэградацыя, эміграцыя самых разумных (уявіце сабе, якімі маштабамі была б эміграцыя з СССР, калі б яна была дазволеная).

Другі варыянт, больш цывілізаваны, назавем яго “эўрапейскі” – павялічэньне падаткаў на багатых. І на пасьпяховы бізнэс, і на забясьпечаных фізічных асобаў. Як ведаем, у некаторых краінах падатак на даходы людзей даходзіць да 75 працэнтаў. Бо справядлівая дзяржава лепш за вас ведае, куды патраціць вашы грошы – на добрыя дарогі і бальніцы, альбо на беспрацоўных і мігрантаў, альбо на спецслужбы ці ваенныя авантуры, альбо на ратаваньне банкаў ад банкруцтваў (выберыце варыянт, які вам асабіста найменш падабаецца).

Вынік – і бізнэсы і прыватныя асобы імкнуцца юрыдычна ўцячы з такой краіны, плаціць падаткі ў іншым месцы. Прагрэсіўная грамадзкасьць (французская, напрыклда) іх, канешне, асуджае. Але што б рабілі вы асабіста, калі б дзяржава, у якой вы жывяце, брала б з вашых даходаў 75 працэнтаў? Вынік – У Эўропе даволі высокія сацыяльныя гарантыі, але цяжкавата ўзгадаць хоць адзін эўрапейскі інавацыйны прадукт, які захапіў увесь сьвет, параўнальна з Microsoft, Facebook, Apple, Google.

Зь іншага боку, Трамп зьнізіў падаткі, правёў падаткавую рэформу, і Apple сярод іншых кампаніяў адразу заявіў, што вяртаецца ў ЗША. Яе цяперашні дырэктар, прагрэсіўны гей Цім Кук, паведаміў, што кампанія верне ў ЗША 253 мільярды з замежных рахункаў і заплаціць у бюджэт краіны 38 мільярдаў (якія да рэформы Трампа пайшлі б у бюджэты іншых краінаў).

І дарэчы, я дакладна ведаю, хто стане наступнымі мільярдэрамі – стваральнікі новага пакаленьня робатаў. Гадоў праз 10-20 яны зоймуць першыя радкі Форбса. І гэта будуць прадстаўнікі той краіны, дзе меншыя падаткі і менш ляманту на тэму “што б зрабіць, каб не было багатых”.

Фактычна выбар стаіць такі — альбо “роўнасьць” альбо “разьвіцьцё і прагрэс”. Неяк разам яны ня вельмі сумяшчаюцца.

nationalinterestby.net