Кастусь Шыталь: І Тарашкевіч, і Танк, былі ў першую чаргу беларускімі патрыётамі і заслугоўваюць на тое, каб ім ставілі помнікі і каб у іх гонар называлі вуліцы. Аднак няправільна казаць, што польская дзяржава пераследвала іх за камуністычную дзейнасць беспадстаўна ці несправядліва

Дыскусія пра ІІ Рэч Паспалітую і беларусаў у ёй выйшла па-за межы маёй старонкі, таму давядзецца паўтарыць некаторыя прынцыповыя моманты.

Мая ацэнка ІІ РП грунтуецца на той сістэме каштоўнасцяў, якой я трымаюся. Па маім глыбокім перакананні, права чалавека на жыццё, права на прыватную ўласнасць, права вызнаваць рэлігію – каштоўнасці больш высокага парадку, чым права на развіццё нацыянальнай культуры.

Польская дзяржава ставіла польскія нацыянальныя інтарэсы вышэй за культурныя правы беларусаў. Гэта – безумоўна, негатыўны факт.

Аднак галоўныя з правоў нашых продкаў улады ІІ Рэчы Паспалітай эфектыўна абаранялі, у той час як пад Саветамі беларусы былі пазбаўленыя ўсяго гэтага, і дзясяткамі тысяч расстрэльваліся ў Курапатах і падобных таму месцах.

Калі ўлічваць тое, што ў 1920 годзе беларусы мелі рэальна толькі дзве альтэрнатывы – Польская дзяржава ці бальшавікі. І я станоўча ацэньваю тое, што частка Беларусі апынулася пад Польшчай, і такім чынам яе жыхары дваццаць год былі вольныя ад бальшавіцкага тэрору.

Камуністычная ідэалогія ёсць злачыннай. Яна несла зло беларусам. Тое, што рабілі беларусы-камуністы дзеля ўсталявання тут камуністычнай улады, ці дзеля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, ёсць злом. Тарашкевіча расстралялі ў 1938 годзе камуністы: зло, якое ён падтрымаў, пажэрла яго самога.

Але ў гісторыі Тарашкевіч застаўся як аўтар беларускай граматыкі і палітык, які бараніў у Сойме правы беларусаў. А Танк – як таленавіты паэт. І Тарашкевіч, і Танк, былі ў першую чаргу беларускімі патрыётамі і заслугоўваюць на тое, каб ім ставілі помнікі і каб у іх гонар называлі вуліцы. Аднак няправільна казаць, што польская дзяржава пераследвала іх за камуністычную дзейнасць беспадстаўна ці несправядліва.

nationalinterestby.net