Ці мае шанец Трамп спадабацца тым, хто яго ненавідзіць? – піша Віталь Цыганкоў

Забаўныя ўсё ж людзі – ідэйныя антытрампісты. Ці мае шанец Трамп у прынцыпе зрабіць што-небудзь, што ім можа спадабацца? Не наносіць удар па Сірыі– “сасцаў, балаболка”. Наносіць удар – “гэта, каб адцягнуць увагу ад рашагейта”.

Націскае на Расею – “падводзіць сьвет на мяжу ядзернай вайны”. Калі заяўляе пра жаданьне ў прынцыпе мець добрыя адносіны з Расеяй – “усё ясна, агент Пуціна”. Дарэчы, калі (на вашую думку) Расея мае нейкі кампрамат на Трампа – можа, яна б ужо магла яго прадэманстраваць?

Я разумею, што можна Трампа не любіць, і напэўна, ёсьць за што. Але ж, магчыма, варта хаця б паспрабаваць праяўляць хоць нейкую аб’ектыўнасць у ацэнцы ягоных дзеяньняў.

Дык вось, пару рэчаў аб’ектыўна. Абама казаў, што прымяненьне хімічнай зброі Асадам стане чырвонай рысай. Асад прымяніў – Абама нічога не зрабіў. Трамп ударыў ужо два разы. Абама шмат казаў пра барацьбу з ІГІЛ, пры гэтым за ягонае прэзыдэнцтва ІГІЛ пашырыўся і заняў вялікія тэрыторыі. За два гады Трампа з ІГІЛ (фармальна) нібыта пакончана, прынамсі, яны страцілі 90 працэнтаў сваёй тэрыторыі. Менавіта ў выніку “імпульсіўнай” і “авантурнай” палітыкі Трампа Кім упершыню за доўгія гады пайшоў на нейкія кампрамісы.

Што казаць пра эканоміку. Біржы два гады ставяць рэкорды (а гэта пенсіі звычайных амерыканцаў), беспрацоўе рэкордна падае, ВУП расьце, карпарацыі вяртаюць свае вытворчасьці ў ЗША. Канешне ж, антытрампісты будуць яшчэ гадамі сьпісваць гэтыя посьпехі на “спадчыну Абамы”😊 — але трампаўскую падаткавую рэформу, з-за якой зьніжаецца беспрацоўе, а Эппл ды іншыя карпарацыі вяртаюцца ў ЗША, на Абаму ніяк не сьпішаш — Дэмакраты галасавалі супраць яе.

Чаго не апраўдаў) — дык гэта негатыўныя прагнозы і чаканьні. Дэмакратыю не разбурыў, на грамадзянскія правы амэрыканцаў ніяк не наступае, ніводнага СМІ не зачыніў.

Праблема ў тым, што мы жывем у сьвеце, дзе імідж усё, а дзеянні – нішто. Дзе 95 працэнтаў людзей найперш цікавіць, як жонка прэзыдэнта паглядзела на мужа, якую сукенку і чаму яна апранула.

І я ўсё часьцей узгадваю вядомую інтэрнэт-мульку пра двух палітыкаў. Адзін вельмі далёкі ад узору – двойчы выганялі са службы, спіць да абеду, ужываў у маладосьці опіюм, выпівае віскі кожны вечар. Другі – герой вайны, вегетарыянец, верны сваім прынцыпам, вельмі стрыманы з жанчынамі. Карацей, ідэал. Першы — Чэрчыль. Другі – Гітлер.

Таму мяне ў палітыках даўно цікавіць толькі адно — дзеяньні, наступствы і вынікі.

nationalinterestby.net