Беларуская дзяржава працягвае рэалізоўваць лева-таталітарныя ідэі – ці справядліва забіраць дзяцей у бацькоў?

У шматдзетнай сям’і ў Радашковічах, не ў п’яніц, а ў вернікаў, адабралі дзевяць дзяцей. Гісторыя цьмяная. Адзіны закід, які выкарыстоўваюць органы ўлады – што бацькі білі дзягай сына-старшакласніка за тое, што школу прагульваў і маніў бацькам.

І гэтага хапіла, каб дзяцей адабраць. Бацькоў не пускаюць да дзяцей у інтэрнат, не дазваляюць маці карміць немаўля – малодшае дзіця, якое забралі ў шпіталь.

Я не ведаю, хто прыдумаў, што ў выхаванні дзяцей нельга выкарыстоўваць фізічныя пакаранні, і чаму гэтае правіла мусіць быць абавязковым для ўсіх. Аднак атрымліваецца, што калі бацька б’е сына дзягай па мяккім месцы, то ўлады могуць паадбіраць дзяцей.

Спрадвеку беларусы ўжывалі фізічныя пакаранні ў выхаванні дзяцей. І нічога, неблагімі людзьмі нашыя прадзеды і дзяды вырасталі.

“Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына свайго, а хто любіць яго, той з маленства настаўляе яго”, – кажа Святое Пісанне (Кніга прыповесцяў, 13, 24).

Папа Францішак, які ў нашу эпоху ёсць прарокам любові да чалавека, таксама не бачыць нічога заганнага ў фізічным пакаранні дзяцей. “Аднойчы я чуў, як бацька сямейства на сустрэчы з жанатымі парамі сказаў: “Мне часам даводзіцца даць плескача сваім дзяцям, але я ніколі не б’ю іх па твары, каб не прыніжаць іх”. Такі бацька ведае, што такое годнасць. Ён карае дзяцей, але робіць гэта справядліва”, – аднойчы выказаўся Папа і наклікаў на сябе гнеў “абаронцаў правоў дзяцей”.

Вядома, усё вышэйсказанае адносіцца да тых выпадкаў, калі фізічнае ўздзеянне выкарыстоўваецца як пакаранне, а не для здзеку ці прыніжэння асобы. У сітуацыі сям’і з Радашковічаў няма інфармацыі, каб там пакаранне было небяспечным для дзяцей. Проста далі бацькі дзягай па дупе, ды ўсё. А малец неасцярожна руку пад дзягу падставіў, дык на руцэ сіняк застаўся.

Тое, што робіць дзяржава – гэта ўмяшанне ў справы сям’і, гэта таталітарысцкія тэндэнцыі. Божае і грамадскае права і абавязак выхоўваць дзяцей мае сям’я – і дзяржава, за выключэннем крытычных выпадкаў, не мае ніякага права ўмешвацца ў сямейнае жыццё і працэс выхавання.

Кастусь Шыталь

nationalinterestby.net