Вясёлкавы сцяг над сядзібай БНФ не залунае. Ганна Смілевіч дзеліцца сваімі назіраннямі сучаснага свету

Не так даўно адзначаўся Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, з нагоды чаго на будынку брытанскай амбасады ў Мінску быў вывешаны вясёлкавы сцяг, што пацягнула шэраг скандальных захадаў і заяваў.

Лідэрка Моладзі БНФ Ганна Смілевіч дзеліцца сваімі меркаваньнямі з гэтай нагоды ў блогавым допісе на сайце кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Ганна-Смілевіч-Моладзь-БНФПрыгадалася, што такі ж сцяг лунаў і ў натоўпе гледачоў “Еўрабачання” сярод сцягоў іншых краін. Як чалавек традыцыйных поглядаў я мяркую, што гэта недарэчна, бо “Еўрабачанне” — конкурс песні, а не пляцоўка для прапаганды якіх-небудзь каштоўнасцяў, а да гэтага ЛГБТ-рух не ёсць краінай-удзельніцай.

У нашай кампаніі здарылася з гэтай нагоды дыскусія, дзе прагучала меркаванне, што праз нейкі час гамафобія ператворыцца ў перажытак мінулага, а факт прыгнёту геяў будзе выклікаць выключнае неразуменне ў будучых пакаленняў. У якасці доказу быў прыведзены прыклад з эмансіпацыяй жанчын. Яшчэ стагоддзе таму людзі і ўявіць не маглі, што жанчыны змогуць галасаваць, займаць кіруючыя пасады і ўвогуле неяк удзельнічаць у грамадскім жыцці на тым жа ўзроўні, што і мужчыны, але цяпер, дзякуючы змаганню, яны маюць практычна роўныя правы і магчымасці.

Асабіста мяне такі вынік дыскусіі не ўзрадаваў, даўшы пэўную глебу для разважанняў. Я так і не пагадзілася, што ЛГБТ-сцяг патрэбны на “Еўрабачанні”, аднак з нагоды гэтага вырашыла згадаць усіх беспадстаўна пакрыўджаных, а таксама іх часам недарэчныя, на маю думку, прэтэнзіі.

І · Гендарная дыскрымінацыя

Меркаванне, што месца жанчыны на кухні, даўно ўспрымаецца як зацяганы  жарцік. За апошнія паўтара стагоддзя жанчыны ўсё ж дасягнулі значных поспехаў у барацьбе за свае правы. Пачынаючы з руху суфражыстак, якія на мяжы ХІХ-ХХ ст. дамагаліся права голасу на выбарах. І дамагліся. І не толькі права голасу: жанчыны могуць браць актыўны ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці, і на дадзены момант жанчыны — кіраўніцы дзевяці краінаў свету. Але як глядзіцца фемінізм сёння? За што змагаецца?

Дзіўныя пікеты, дзе група раззлаваных жанчын, дэманструючы аголеныя грудзі, выкрыквае антымужчынскія лозунгі? Зусім не абавязковыя змены арфаграфіі на карысць недарэчных фемінітываў? На маю думку, права пісаць “аўтарка” і “куратарка” — далёка не першае, за што ў наш час варта змагацца.

Будзем сумленныя: магчымасці жанчын у цывілізаваных краінах сёння не нашмат адрозніваюцца ад мужчынскіх. А ў пэўных выпадках абмежаванні небеспадстаўныя, бо, вядома, жанчына папросту не заўжды няздольная выконваць пэўныя віды працы паводле фізічных, фізіялагічных і псіхалагічных асаблівасцяў. І калі некаторыя працягваюць заяўляць пра няроўнасць там, дзе яе апрыёры не можа быць, бо прырода нас такімі стварыла, і пра парушэнне правоў, якое існуе толькі ў галовах заяўнікаў, паўстае пытанне пра мэтазгоднасць барацьбы, што існуе толькі для самой барацьбы.

ІІ · Сэксуальная арыентацыя

Навязлівая прапаганда. Менавіта гэтыя два словы найбольш дакладна адлюстроўваюць маё стаўленне да ўсяго, што сёння адбываецца ў тэме ЛГБТ.

Мяне асабіста абсалютна не цікавяць чужыя сэксуальныя прыхільнасці. Хто з кім і як спіць — тэма ўвогуле далікатная. Аднак, як высветлілася, не ў выпадку, калі гэта тычыцца двух людзей аднаго полу. Прапаганда — вось што палохае больш за ўсё. Кожны чарговы камін-аўт ад нейкай вядомай асобы выклікае такі рэзананс, які можна параўнаць хіба з раптоўнай хваляй цунамі, альбо з навіной аб змене ўлады ў Беларусі.

Такія выпадкі асвятляюць усе магчымыя СМІ, яны абмяркоўваюцца ва ўсіх кутках інтэрнэту. Людзі выказваюць падтрымку і павагу за смеласць, а я не разумею, у чым тут смеласць і за што павага.

Бясконцая ЛГБТ-сімволіка дзе трэба і не, гей-парады…  З адстойвання правоў гэта ператварылася папросту ў навязванне ідэі, што нетрадыцыйная арыентацыя ёсць не проста нормай, а нават лепш.

Так, ёсць негатыўнае стаўленне ў людзей, але тут ужо, прабачце, кожны мае права на сваё меркаванне, і навязваць чалавеку свае каштоўнасці толькі таму, што меркаванні не супадаюць, — справа не самая правільная.

Я хачу, каб маіх унукаў выхоўвалі бацька і маці, а не партнёр №1 і партнёр № 2. Каб пытанні сэксуальнай арыентацыі заставаліся ў ложках, а не выстаўляліся на ўсеагульны агляд, нібы нагода для гонару. Каб мае дзеці не жылі ў свеце, дзе менш за ўсё правоў мае белы гетэрасэксуальны мужчына.

ІІІ · Расавая дыскрымінацыя

 Пытанні пра мэтазгоднасць барацьбы з расавай дыскрымінацыяй не павінныя ўзнікаць. Аднак менавіта тут маюцца шматлікія перагібы праз часам  залішнюю паліткарэктнасць, бо некаторыя фанатычныя законы выклікаюць усмешку праз сваю абсурднасць. Чулі ж пра закон, паводле якога ў кожным амерыканскім фільме абавязкова павінны прысутнічаць цемнаскуры? Часам гэта прыводзіць да таго, што праз гэта дапускаюцца сур’ёзныя гістарычныя памылкі, калі, напрыклад, у фільме “Бітва тытанаў”, дзе дзеянне адбываецца ў Старажытнай Грэцыі, а цемнаскурых там ну ніяк быць не магло, раптам узнікаюць цемнаскурыя персанажы. І такіх выпадкаў шмат.

Возьмем іншую сферу. У ЗША нашмат лягчэй абскардзіць сваё звальненне з працы менавіта прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў, спаслаўшыся на расавую дыскрымінацыю, таму вядомыя выпадкі, калі пры роўных  здольнасцях працаўнікоў пасада пакідалася за цемнаскурым, проста таму што працадаўца не жадаў цягацца па судах. Амерыканскія ўніверсітэты часта аддаюць перавагу прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў пры адборы студэнтаў. Мае месца так званая “станоўчая дыскрымінацыя”.

Безумоўна, змагацца за свае правы — рэч вартая, і спрачацца з гэтым не мае сэнсу. Але адна справа — адстойваць права на годнае месца ў соцыуме і паўнавартасны ўдзел у грамадскім жыцці, але зусім іншая — дзеянні, накіраваныя на тое, каб толькі не пакрыўдзіць прадстаўнікоў пэўных меншасцяў альбо сацыяльных груп, часам даходзячы да абсурду.

Паўсюднае вывешванне сваёй сімволікі — не змаганне за роўнасць. Агрэсіўныя пікеты без мэты і шуканне прыгнёту там, дзе яго няма, — тое ж самае. У большасці выпадкаў уся дыскрымінацыя — толькі ў галаве. І я не здзіўлюся, калі знойдуцца тыя, хто пасля прачытання артыкула абвінаваціць мяне у мізагініі, расізме і гамафобіі. Але людзям уласціва бачыць толькі тое, што ім хочацца.