Што прынесла “савецкая ўласьць” для нас у верасьні 1939 году?

Кастусь Шыталь піша пра супраціў савецкай арміі на яго малой радзіме ў верасьні 1939 году.

Павел Палчыньскі, камандзір стражніцы Каменны Воз (30 км ад Глыбокага). На досвітку 17 верасня 1939 года ён загінуў у няроўным баі з савецкімі нападнікамі, застаўшыся адзін на стражніцы, каб прыкрыць адступленне сваіх жаўнераў.

Дзясяткі, калі не сотні людзей загінулі ў той вераснёўскі дзень у Заходняй Беларусі ў баях супраць Чырвонай арміі.

А дзень той застаўся сумным успамінам для ўсіх жыхароў Заходняй Беларусі. “Бальшавікі вызвалілі нас ад коней, зямлі і ад усяго нажытага дабра”, – сумна жартавалі людзі. Дзясяткі тысяч людзей былі расстраляныя, увязненыя, памёрлі ў ссылках і лагерах, былі расстраляныя на “дарогах смерці” ў чэрвені 41-га.

Мільёны жылі ў страху перад арыштам і вывазам.

Была разбураная ўся гаспадарка, будаваная на прыватнай уласнасці.

Былі зачыненыя і разбураныя многія касцёлы і цэрквы, зніштожаныя магілы, арыштаваныя святары. Былі страчаныя, разрабаваныя культурныя і мастацкія здабыткі краю.

Вільня – спрадвечны культурны, інтэлектуальны і рэлігійны цэнтр краю – была назаўсёды адрэзаная ад нас мяжой.

Пасля ІІ Сусветнай вайны сотні тысяч найбольш актыўных, працавітых людзей выехалі на эміграцыю, каб не жыць пад савецкім рэжымам.

Наш край атрымаў удар, ад вынікаў якога не можа ачомацца да сёння. Дагэтуль, праз восемдзесят год, край не можа вярнуцца на рэйкі еўрапейскай культуры і цывілізацыі. Правінцыйныя гарады, мястэчкі і вёскі, апанаваныя неэфектыўнай дзяржаўнай эканомікай і паўсавецкім аўтарытарызмам чынавенства, пусцеюць і дэградуюць на вачах.