У верасьні 1939 году перапыніліся рэшткі традыцыі ВКЛ

Зьміцер Вайцэховіч, колішні кіраўнік Згуртаваньня Беларускіх Студэнтаў, на пачатку 90-х год ХХ ст., цяпер гаспадар з пад Ракава, апісвае сваё разуменьне таго, што адбылося ў верасьні 1939 г. у заходняй частцы Краю.

Не мяняю сваёй думцы даўно і мае знаёмыя яе ведаюць. Але паўтаруся. 17 верасня канчаткова перапынілася старая традыцыя і лад жыцця, якія вызначалі наш гістарычны культурны краявід.

Запанавала новая традыцыя, закладзеная ва ўсходняй частцы яшчэ пасля бальшавіцкай рэвалюцыі. Адышлі ў мінулае такія знакавыя паняткі як закон і права, прыватная ўласнасць і яшчэ многія іншыя чыннікі, якія фармавалі аблічча нашага краю. Так, гэты край мог і не называцца Беларуссю. Але ж і ВКЛ не было Беларуссю, а як жа многім маім сучаснікам прыемна лічыць яго сваім?!

З усходу прыйшла новая традыцыя. Яна была і застаецца ў багата якіх сваіх праявах пачварнай і антылюдскай. Яна з нашага краю зрабіла культурную пустэчу, а з людзей фанабэрыстае быдла пазбаўленае годнасці. Але яна прынесла з сабой чырвона-зялёны сцяг і назву БССР. І толькі за адно гэтае ёй шмат хто гатовы ўсё дараваць, нягледзячы на розныя агаворкі.

Я не ідэалізую Другую Рэчпаспалітую. Ейныя заганы я няблага ведаю. Мой пост не пра тое. Я ўсяго толькі кажу, што перапынілася традыцыя, якая ўзыходзіла сваімі каранямі ў мінулыя стагоддзі, а прыйшла новая. Можа яна і стала больш камфортнай для асноўнай частцы насельніцтва, як і нашага сучаснага прэзідэнта, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

nationalinterestby.net