Новае Поле – так паміралі Літвіны

Пушчанскі Пан апавядае аб гісторыі Новага Поля – мясцовасьці і маёнтку з Ракаўскага графства.

Даўнейшая гісторыя пасялення мала вядомая. Толькі ў 17 ст. Новае Поле ўзгадваецца як частка Ракаўскага графства Сангушкаў, ад якіх у другой палове 18 ст. пераходзіць да князя Міхала Агінскага. У 1794 годзе ён прадае гэтыя землі Юзэфу Сяляве. Сын апошняга – Апалінары Сялява ў 1828 годзе пачынае будаўніцтва існуючага да сёння двара. Аднак ужо ў 1837 годзе маёнтак становіцца ўласнасцю князя Гераніма Друцкага-Любецкага. Геранім быў родным братам знакамітага Францішка Ксаверага Друцкага-Любецкага (міністар фінансаў Каралёўства Польскага ў 1821–1830 гадах, заснавальнік Земскага крэдытнага Таварыства (1825) i Польскага банку (1828).

кн. Геранім Друцкі-Любецкі

Нягледзячы на тое, што асноўныя радавыя маёнткі Друцкіх-Любецкіх ляжалі на Палессі, не забываюць яны і пра сваю новую маёмасць пад Ракавам. Сядзіба паступова разбудоўваецца і пад канец 19 ст. становіцца асноўнай рэзідэнцыяй гэтай галіны роду, чаму нямала паспрыяў апошні з уласнікаў Новага Поля.

Князь Геранім Друцкі-Любецкі (названы ў гонар свайго дзеда), належаў да ліку найбольш дзейных і ўплывовых зямян на землях даўняй Літвы. Ён скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэту і з пачатку 1890-х гадоў настала пасяліўся ў Новым Полі. Ад 1894 года і да самай смерці князь з’яўляецца сябрам рады Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, аднаго з самых уплывовых і вялікіх ва ўсёй Расейскай імперыі. Ў 1901 годзе ён узначальвае старэйшы і буйнейшы краёвы банк – Мінскі камерцыйны банк, на чале якога будзе заставацца доўгія гады. Адначасова Геранім абіраецца ў Першую дзяржаўную Думу, дзе ўваходзіць ў кола аўтанамістаў. А ў 1909-10 гадах становіцца сябрам Дзяржаўнай рады.

Будучы дасканалым гаспадаром, ён плануе пашырыць свае ўладанні пад Ракавам больш чым удвая, але як католік, ня можа атрымаць на гэта згоду расейскіх уладаў, нягледзячы нават на тое, што князі Друцкія-Любецкія афіцыйна выводзілі свой радавод ад Рурыкавічаў.

Акрамя гаспадарчай і грамадскай дзейнасці Геранім вядомы як драматург, і ён бярэ актыўны ўдзел ў тым літаратурным жыцці, асяродкам якога на пачатку 20 стагоддзя быў Ракаў. Жыццё гэтага чалавека перакрэсліла бальшавіцкая рэвалюцыя. Ратуючыся, ён пераязджае ў Варшаву, дзе захварэў і памёр 31 снежня 1919 года.

кн. Крысьціна Друцкая-Любецкая

Ня меньш трагічна склаўся і лёс большасці ягоных дзяцей. У Ракаве і ваколіцах добра вядома гісторыя княжны Крысціны, якая нарадзілася ў 1900 годзе ў Новым Полі. Як і яе бацька яна паспела з’ехаць у Варшаву, але ў 1921 годзе вырашыла наведаць родныя мясціны. Нягледзячы на тое, што бацькоўскі дом застаўся па савецкім баку мяжы, Крысціна збіралася даехаць да Ракава, адкуль да Новага Поля ўсяго некалькі кіламетраў. Яе шлях пралягаў ад бліжэйшай станцыі чыгункі ўздоўж новай мяжы. Нажаль ужо ў самым канцы падарожжа яна збілася з дарогі і патрапіла на савецкі бок, дзе была схоплена і растраляна. Гэта выклікала шырокі розгалас, яе астанкі перадалі на польскі і бок і пазней пахавалі на ракаўскіх каталіцкіх могілках. Маці ўзвяла невялічкую капліцу над магілай дачкі і пажадала быць пахавана побач з ёй. Але лёс склаўся так, што княгіня перажыла ня толькі кароткі міжваенны перыяд, але і Другую сусветную вайну. У новай эпосе яе жаданне быць пахаванай у Ракаве ўжо было неажыццяўляльна.

Галоўным спадчыннікам князя Гераніма быў ягоны старэйшы сын Канстанцін. Лёс гэтага чалавека ў Польшчы даволі вядомы. Будучы кадравым афіцэрам ён з канца 1917 года далучаецца да новаўтвораных польскіх вайсковых фармаванняў на ўсходзе. Яго можна ўбачыць сярод жаўнераў Першага корпуса Доўбур-Мусніцкага ў Бабруйску і ў шэрагах Віленскай самаабароны.

кн. Канстанцін Друцкі-Любецкі

Давялося Канстантыну паваяваць і ў родных мясцінах: “W nocy z 4 na 5 października 1920 r. otrzymał rozkaz atakowania bolszewików swym 3. szwadronem, na czele oddziałów polskich uderzających w kierunku Mińska Litewskiego. Rozproszył nieprzyjaciela i umożliwił piechocie zajęcie linii demarkacyjnej. Za ten bohaterski czyn został odznaczony Krzyżem Srebrnym Orderu Wojennego Virtuti Militari”. У міжваенны перыяд ён працягнуў вайсковую кар’еру і восень 1939 года сустрэў у званні палкоўніка на чале Віленскай брыгады кавалеры. У вераснёўскіх баях быў цяжка паранены ў галаву і трапіў у савецкі палон. Ягонае жыццё абарвалася вясной 1940 года…

Нажаль і жыццё малодшага сына князя Гераніма – Юзэфа Друцкага-Любецкага, абарвалося трагічна. Ён нарадзіўся ў Новым Полі ў 1897 годзе і амаль да канца жыцця быў звязаны з роднымі мясцінамі. Як і старэйшы брат, ён таксама ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць Другой Рэчыпаспалітай, але не працягнуў вайсковую кар’еру. Нягледзячы на страту асноўнага маёнтка, Юзэф ў міжваенны перыяд застаецца ўласнікам той ягонай часткі, якая засталася на польскім баку.

Гэта фальварак Стары Ракаў, у якім да нядаўняга часу заставаліся сляды панскага двара. Стары Ракаў яшчэ вядомы тым, што ў 1935 годзе з магілы палеглага і пахаванага тут ў 1919 годзе афіцэра 21 п.п. Каспшыцкага бралі зямлю ў межах агульнапольскай акцыі па стварэнню кургана памяці Юзэфа Пілсудзкага ў Кракаве. Але вернемся да Юзэфа. У трыдцатыя гады ён быў аднім з удзельнікаў Віленскага фотаклуба і нямала часу праводзіў у гэтым горадзе. Відаць там яго і заспеў пачатак вайны.

Але першыя гады бяда абмінала князя. Трагедыя адбылася ў 1943 годзе, калі Юзэф гасцяваў (альбо хаваўся) у сваіх знаёмых у маёнтку Шэметава над возерам Свір. У рамках акцыі па вынішчэнню польскасці мясцовыя савецкія партызаны атачылі двор і спалілі яго. У агні загінула 19 мірных жыхароў разам з князем.

Сымбалічна, што ягоны бацька Геранім, быццам прадчуваючы лёс сваёй сям’і, у свой час напісаў драму пад назвай “Так паміралі літвіны”.

nationalinterestby.net