Пані Канцлерын, прыйшоў час заплаціць па рахунках…

У сваім Правым Дайджэсьце блёгэр Зьміцер Захарэвіч апісвае палітычную сытуацыю ў Нямеччыне, дзе мэйнстрымавыя партыі імкліва губляюць папулярнасьць.

Больш за палову немцаў (56%) выступаюць за сыход Ангелы Мэркэль з пасады канцлера ФРН. Пра гэтае ў пятніцу, 21 верасьня, паведаміла газэта Bild са спасылкай на вынікі апытаньня, праведзенага сацыялягічным інстытутам Insa. Паводле іх, амаль палова немцаў (47%) выказаліся за правядзеньне датэрміновых выбараў, супраць – толькі 29% апытаных. Пры гэтым толькі кожны чацьвёрты (24%) хацеў бы перавыбраньня Мэркэль на пасаду кіраўніка ўрада.

У той жа час дадзеныя чарговага апытаньня Deutschlandtrend, праведзенага сацыялягічным інстытутам Infratest dimap на замову грамадзка-прававой мэдыякампаніі ARD (фота 3), сьведчаць, што нямецкія выбарцы ўсё менш давяраюць кіроўнай у Нямеччыне «вялікай кааліцыі» ХДС/ХСС і СДПГ. У выпадку датэрміновых выбараў гэтыя партыі атрымалі б агулам толькі 45% галасоў. Пры гэтым блёк ХДС/ХСС набраў бы 28%, што стала б горшым вынікам кансэрватараў за ўвесь пэрыяд з моманту зьяўленьня апытаньняў ARD-Deutschlandtrend ў 1997 г.

«Альтэрнатыва для Нямеччыны» стала б другой паводле значнасьці партыяй у бундэстагу ў выпадку правядзеньня ўсеагульных выбараў бліжэйшым часам цяпер. Дадзеныя апошніх сацапытаньняў, праведзеных у ФРН, прадказваюць правакансэрватыўным эўраскэптыкам 18% галасоў выбарцаў. Такім чынам, AfD мае ўжо большую за сацыял-дэмакратаў (17%) падтрымку насельніцтва.

Сустаршыня Левай партыі Бэрнд Рыксынгер назваў навіну пра 18-адсоткавы рэйтынг AfD «заслужаным пакараньнем за правальную палітыку» кіроўных партыяў, якая ігнаруе патрэбы насельніцтва. «Ва ўрадавай кааліцыі адсутнічае стратэгія», – заявіў лідэр Свабоднай дэмакратычнай партыі Нямеччыны Крысьціян Лінднэр. А намесьнік старшыні фракцыі «зялёных» у бундэстагу Канстанцін фон Ноц сфармуляваў гэтую думку яшчэ больш выразна. «У дадзены момант кааліцыя выглядае зусім па-дурному», – канстатаваў ён.

У самой AfD тлумачаць уласную папулярнасьць у тым ліку і слабасьцю кіроўных партыяў. Гэтак, намесьнік старшыні фракцыі «Альтэрнатывы» ў бундэстагу Бэатрыкс фон Шторх у Twitter, не хаваючы сарказму, падзякавала сацдэмаў за аказаную імі правым паслугу.

ARD, Deutsche Welle, Euronews

nationalinterestby.net