Надпіс на магіле Каліноўскага лацінкай?

Апошнім часам у беларускім нэце была дыскусія, якая датычыла таго, як дамагчыся ад уладаў Літоўскай Рэспублікі надпісаў па беларуску на магілах паўстанцаў 1863 г., якія маюць быць перапахаваныя ў цэнтральнай капліцы – пантэоне на могілках Роса, восеньню бягучага году.

Здаецца на моўнае пытаньне была пазытыўная рэакцыя, але блёгэр Witek Korybut-Daszkiewicz пацягнуў тэму далей:

Калі і рабіць надпіс, то толькі лацінкай, бо Каліноўскі так пісаў, а кірыліцай будзе здрада яго ідэалам.

Пан Witek на сваёй старонцы ў “Фацабуцы” тлумачыць, чаму так перакананы:

“Калі й рабіць надпіс “па-беларуску” дык толькі лацінкаю.Каліноўскі друкаваўся выключна на ёй. Надпіс кірылкай – ганьба і здрада ідэям Каліноўскага! Хіба да гэнага помніку беларускі афіцыёз будзе мець нейкае дачыненьне? А мо Мінск адправіць на адкрыцьцё афіцыйную дэлегацыю? Дык навошта падладжвацца пад “рускіх са знакам якасьці”? Зьменіцца ўлада, адыдзе у нябыт і яе “правапіс” – потым перарабляць табліцу?”

Погляды пана Witka на беларускую лінгвістыку шырэйшыя, актыўны ў дыскусіях, ён вядома атрымлівае не заўжды прыхільную рэакцыю, аб чым і піша:

“За апошні тыдзень ужо некалькі “рупліўцаў беларушчыны” зьвінавацілі мяне ў непісьменнасьці ды спробе падарваць тутэйшую “стабільнасьць”, маўляў, беларуская літаратурная мова ўжо склалася, ды якія б яна ня мела хібы, чапаць яе нельга.

Ня маючы аргумэнтаў, яны пераходзяць на асабістыя абразы. Але, “спадары”, адсутнасьць на маім тэлефоне беларускае раскладкі ня робіць вас аўтаматычна маючымі рацыю. Ды яшчэ “жалезабетонны” іх аргумэнт: пішаш лацініца, замест “лацінкі” – няпісьменны “лох”. Але сыходжу з таго, што калі “лацінка”, то тады й мусіць быць“кірылка”, ды наадварот. Хіба не?

Крыху болей за сто гадоў таму “адрадженцы” адмовіўшыся ад старажытных традыцый пісьма, стварылі літаратурную мову для нацыі ў падмурак якой былі пакладзены левацкія ідэі ды заходнерусізм.

Для мяне чужыя як тыя ідэі, так і правапіс, які абралі “бацькі нацыі”. За сто год і камень абрастае мохам, таму і гэнае новастворанае пісьмо пачынае ўжо казацца “традыцыйным”. Але ёсьць сапраўды старажытныя традыцыі якія варта адрадзіць.

Таму я прынцыпова не “беларус”, але Літвін, ды не ўспрымаю ўвесь гэны “беларускі наробак”, у тым ліку іх правапіс. Гэта хіба апошні мой допіс “кірылкай”.

Nacyjanalny Intares / Нацыянальны Інтарэс

nationalinterestby.net