Страхі і комплексы беларускай улады – Курапаты – 04.04.2019

У якасьці адвакта д’ябла ў гэтым артыкуле буду разважаць нібы па-за межамі дабра і зла. Вядомы ў вузкіх колах рускі філёзаф Максім Гаруноў (Горюнов) сьцьвярджае, што “нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў – гэта тавар, якім Лукашэнка гандлюе з Масквой”.

У гэтым кантэксьце барбарская акцыя беларускіх уладаў у Курапатах зьяўляецца элемэнтам гандлю з Масквой, калі эканамічныя профіты, пра якія мы яшчэ альбо ўжо ня ведаем, абменьваюцца на палітычныя гарантыі, што Рэспубліка Беларусь застанецца ў маскоўскай сфэры ўплыву.

Але паўстае пытаньне, ці Лукашэнка не разумее, што зносіць крыжы гэта кепска, абражае пачуцьці хрысьціян? Вядома разумее, толькі лічыць, і на маю думку слушна, што беларускае грамадзтва ўжо даўна не зьяўляецца хрысьціянскім.

Усе гэтыя заклінаньні аб 85% праваслаўных, ніхто за апошнія дэкады дакладна ня спраўджваў, а звароты грамадзян па ўнясеньні ў перапіс пытаньня аб рэлігіі, засталіся без пазытыўнага адказу.

Чаму беларуская ўлада баіцца пытаньня аб рэлігійнай прыналежнасьці яе грамадзян і адначасова не баіцца прыбіраць крыжы? Баіцца пытаньня аб рэлігіі, бо менавіта рэлігія патэнцыйна здольная ўнесьці новыя (забытыя старыя) лініі падзелу ў беларускае грамадзтва.

А не баіцца дзейнічаць брутальна ў Курапатах, бо лічыць, што камуністы і яна сама так доўга і эфэктыўна папрацавалі дзеля вынішчэньня рэлігіі, што крыжы можна прыбіраць не спадзеючыся нейкай масавай нэгатыўнай рэакцыі.

Як бачым па першых днях пасьля калектыўных актаў вандалізму, яно насамрэч так і ёсьць. Некалькі соцен чалавек для двухмільённага Менску, гэта ня тая колькасьць, якая ўражвае. Чаму трыццаць год таму на Курапаты магло прыйсьці 30 тыс. чалавек, а сёньня гэтак мала?

У канцы 80-х год ХХ стагодзьдзя грамадзтва сапраўды задыхалася ў смуродзе ідэі і практыкі рэальнага “разьвітога сацыялізму”. Рэальнасьць нагэтулькі моцна адрозьнівалася ад тэорыі, што нават прадстаўнікам “гэгэмона” (так называлі рабочую клясу ў тэорыі камунізму) ня трэба было тлумачыць, што камуністы хлусяць. І такое разуменьне было паўсюдным, датычыла ўсіх пластоў грамадзтва, у тым ліку пытаньня рэпрэсыяў і Курапатаў.

Сёньня сытуацыя нашмат больш складаная, бо з жыцьця сыйшло два пакаленьні, якія памятаюць СССР, а нават і добра эпоху Сталіна, а прыйшло два пакаленьні, для якіх СССР, рэпрэсыі і Курапаты – гэта поўная абстракцыя. Дадамо сюды тое, што беларускія ўлады не спрыялі асьвеце сваіх маладых суайчыньнікаў аб праўдзівай гісторыі СССР, ані не спрыялі ўмацаваньню хрысьціянскай рэлігіі. Вынік відавочны. Сёньня, ані з палітычнага, ані з рэлігійнага пункту гледжаньня беларускае грамадзтва не гатовае да абароны Курапатаў і крыжа, як хрысьціянскага сымбаля.

Маральны крызіс нагэтулькі глыбокі, што нават не знайшлося хаця б аднаго работніка, які адмовіўся б выконваць барбарскія загады.

Але ёсьць і іншы бок мэдаля. Хаця беларускія ўлады ня надта баяцца беларускага грамадзтва, усё ж пакуль яны не наважыліся зьнішчыць мэмарыял цалкам. Здавалася б, што перашкаджае? Абмежаваліся тым, што прыбралі крыжы па пэрымэтры дзеля агароджы. Каго баяцца? Можа Пана Бога, але тады і адзін крыж прыбраць – гэта грэх.

У гэтым нажаль квінтэсэнцыя сёньняшняга стану беларускай душы: і Богу сьвечку і д’яблу агарак. Ні халодныя, ні гарачыя. А вядома, што такі стан для душы найгоршы. Калі на чале Беларусі стаяць сапраўдныя камуністы і рэвалюцыянэры, то я чакаю ад іх сапраўдных чынаў – зраўняць Курапаты з зямлёй, а не абмяжоўвацца агароджай па пэрымэтры.

Зьбігнеў Канарскі

Нацыянальны Інтарэс / Nacyjanalny Intares

nationalinterestby.net